ЭЛЕКТРАВА́КУУМНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на эл. з’явах, што адбываюцца ў вакууме ці ў асяроддзі разрэджаных інертных газаў. Уяўляюць сабой герметычныя шкляныя, метал., керамічныя ці інш. балоны, унутры якіх створаны вакуум або знаходзяцца разрэджаныя інертныя газы (аргон, неон і інш.). Адрозніваюць газаразрадныя прылады, электронныя і безразрадныя Э.п.

У электронных Э.п. свабодныя электроны ўтвараюцца за кошт электроннай эмісіі і абумоўліваюць праходжанне току ад катода да анода. Да іх адносяць электронныя лямпы, электронна-прамянёвыя трубкі, некаторыя фотаэл. і рэнтгенаўскія прылады. У безразрадных Э.п. эл. ток працякае па правадніках, размешчаных у вакууме ці інертным газе. Да іх адносяцца барэтэры, лямпы напальвання, вакуумныя тэрмаэлементы і інш. Э.п. служаць для розных відаў пераўтварэнняў эл.-магн. энергіі (генерацыя, узмацненне, дэтэктыраванне і інш.), а таксама пераўтварэння яе ў інш. віды энергіі, напр., механічную і наадварот, камутацыі эл. ланцугоў вял. магутнасцей з дапамогай маламагутных кіроўных сігналаў, стабілізацыі току і напружання і інш.; выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, рэнтгенаграфіі і інш.

А.​А.​Кураеў.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)